Севярын Квяткоўскі (abrykos) wrote,
Севярын Квяткоўскі
abrykos

Сёньня Дзень нараджэньня Аляксандра Шэкаля, 15 сьнежня яму споўнілася 102 гады.



UPD ад 04.06.2008: Імя героя падкарэктаванае. У пашпарце яго клічуць Aleksandr Szekal.

UPD ад 13.01.2013: Аляксандар Шэкаль быў пахаваны 21 ліпеня 2011 у Івянцы.

Публікацыя сталася магчымай дзякуючы падказцы і дапамозе жыхару Івянца Вінцэнту Солтану.

Спадар Аляксандар ад 1999 году жыве ў Івянцы, але нарадзіўся на хутары за 20 км ад мястэчка.

Аляксандар Шэкаль -- герой Монтэ-Касына.



Сп. Аляксандар гаворыць дзівоснай сумясьсю беларускіх, расейскіх і польскіх словаў. Гледзячы расейскамоўныя перадачы бел-ТВ, разумее адно чвэрць. Расейскамоўнае навучаньне меў у дзьвюх сытуацыях – калі войскі Расейскай імпэрыі трымалі фронт за 200 м ад хаты Шэкаляў (сваякі тлумачаць, што, відаць, арыгінальнае прозьвішча сям'і -- Шакалі), і калі патрапіў у кіпцюры НКВД.

Польскамоўныя словы спрэс зьвязаныя з вайсковай і адміністратыўнай лексыкай. Аляксандар Шэкаль больш глядзіць польскія і англамоўня каналы па спадарожніку. “Беларускіх не знаходжу”, -- кажа дзед. Дзівіцца, што цяперашняя польская мова зусім “непраўдзівая”, нейкая скажоная.

Вельмі ганарыцца тым, што беларус (audio), пра што дазнаўся адносна нядаўна – у 1990-х.

Аляксандар Шэкаель распавядае, што калі выбухнула І-я Ўсясьветная вайна, царская адміністраця хацела Шэкаляў разам з усімі эвакуяваць. Але маці ведала, што галава сям’і вельмі хворы, і дарого ня вытрымае. Таму кінулася ў ногі афіцэру, той зьлітасьцівіўся, і пакінуў сям’ю на месцы. Дзед Аляксандар распавядае, што лінія фронту пралягала за 200 м ад хаты, і бывала гарматныя снарады днямі лёталі проста над дахам.“Там я ўпершыню пачуў расейскую мову”, -- распавядае жыхар Налібоцкай пушчы.

У 1927-28 гг Аляксандар Шэкаль адслужыў у войску – у стражы гранічнай коннай. Патрулявай мяжу з БССР у раёне Ракава. Пра Сэргіюша Пясэцкага нічога ня ведае. Цікава, а калі б назваць які-небдзь з апэратыўных псэўданімаў Пясэцкага? (Нажаль, я не на столькі ў тэме біяграфіі кантрабандыста, шпега і пісьменьніка).

Шэкаля мабілізавалі 1 верасьня 1939 году. А 17 верасьня ён уступіў у бой з бальшавікамі: “Але што мы з кулямётамі супраць танкаў? Адсутпалі ў бок Вільні (дзед так і гаворыць – Вільні. -- СК), але я вярнуўся да хаты, там хаваўся да красавіка”. НКВД затрымала Шэкаля, і зьвінаваціла ва ўдзеле ў антысавецкай збройнай партызанцы. Сп. Аляксандар распавядае як яго катавалі ў Баранавіцкай турме: залівалі камэру сьцюдзёнай вадой, білі… Але выжў, і быў адпраўлены на Калыму.



Цікава слухаць ягоную вэрсію нападу Гітлера на СССР. Маючы ў такім ўзросьце выключную памяць, дзед Аляксандар ня памятае дакладную дату гітлераўскага ўварваньня ў Савецкі Саюз (кажа, у 20-х чыслах чэрвеня, мы ў вагонах сядзелі ў Маскве, чакалі далейшай адпраўкі), бо для яго пачатак вайны – 1 верасьня.

Распавядае, як уразіўся, што да іх – грамадзянаў Польшчы -- ставіліся значна лепей, чым да савецкіх зэкаў – “здраднікаў народу”. Усяго ў “савецкім раі” Аляксандар Шэкеля з сваіх 102 пабыў меньш за 2 гады. Але ўражаньні ад НКВД і ГУЛАГУ займаюць ці ня столькі ж месца, колькі ўспаміны пра бітву за Монтэ-Касына, дзе Аляксандар Шэкаль быў на перадавой – развозіў у грузавіку снарады ды іншыя неабходныя на фронце рэчы.

Зь лягеру на Калыме “палякаў” – у асноўным заходнебеларускіх мужыкоў – адправілі ў Казахстан, дзе ўласна адбывалася перадача людзей у армію Андэрса. Бальшавікі перад тым як перадаць, пыталіся сярод іншага пра веравызнаньне. Хто называўся рускім/праваслаўным, запісывалі ў беларусы, і той вяртаўся на Калыму. Хто каталіком – ішоў да палякаў.

“Ды пры Монтэ-Касына нас – беларусоў – было тры чвэрці!” – кажа Аляксандар Шэкаль. Хіба што мы толькі лічыліся палякамі. Але ж я па-польску і гаварыць толкам ня ўмеў. Толькі Богу маліцца. Нам жа палякі не казалі, што мы беларусы. Мы й ня ведалі”.

****

Вайна скончылася для Аляксандра Шэкаля ў Вялікай Брытаніі. Ён не паехаў на радзіму, бо не хацеў ізноў у ГУЛАГ. Наступныя 25 гадоў рабіў рабочым на заводзе, пабудаваў двухпавярховы катэдж пад Лёнданам, выйшаў на пэнсію.



Адзін раз у 1970-х прыязджаў як турыст, пабачыўся з сваякамі, але ўсе два дні за ім хадзілі гэбісты, таму толкам разабрацца ня змог што да чаго. Адно зразумеў, што правільна, што застаўся ў Брытаніі: “Сталіна ўжо не было, людзей проста так не забівалі”, але ўсё роўна страшна было”. На 100-годзьдзе Аляксандар Шэкаль атрымаў віншавальны ліст ад каралевы Вікторы.

-- Спадар Аляксандар, -- пытаюся, -- вось вы прыехалі ў 1999 годзе ў незалежную Беларусь. Што ў Івянцы зьмянілася з 1939 году?

Паўза.

-- Ну… Хіба… Платы пафарбавалі.

-- А як увогуле ўражаньні?

-- Ну, нармальна, але дэмакрацыі няма… -- Пачынае мой суразмоўца, але раптам спахопліваецца, і пачынае хваліць прэзыдэнта.

Суцяшаю сябе тым, што дзед, відаць, хвалюецца за сваякоў.

Дай вам Бог здароўечка, спадар Аляксандар :).

Tags: карцінкі, пра_бел, фота
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 56 comments
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →
Previous
← Ctrl ← Alt
Next
Ctrl → Alt →